Майстар-клас па «валянцінках»
14 лютага — Дзень святога Валянціна. Традыцыйна ў гэты дзень прынята абменьвацца з блізкімі і дарагімі людзьмі невялікімі падарункамі-сувенірамі — «валянцінкамі».
Да гэтай даты 9 лютага ў дзіцячым аддзеле бібліятэкі імя Янкі Купалы для вучняў 4 «В» класа СШ №8 быў арганізаваны майстар-клас па вырабу забаўных «валянцінак» у выглядзе божай кароўкі, савы, матылька, сабачкі.
Напачатку дзеці пачулі гісторыю пра святара Валянціна, дзякуючы якому і з’явілася свята. Потым разглядалі гатовыя «валянцінкі» і вырашалі, што будуць вырабляць. Быў выбраны сабачка. З энтузіязмам усе ўзяліся за справу.
Па гатовых шаблонах хлопчыкі і дзяўчынкі выразалі неабходныя дэталі, складалі іх у адзінае цэлае і склейвалі. Працавалі з захапленнем і агеньчыкам. Усё вельмі стараліся. «Валянцінкі» атрымаліся акуратнымі і прыгожымі. На адваротным баку кожны змог напісаць добрыя і ветлівыя словы-пажаданні.