Падарожжа ў свет дзівосаў
2 сакавіка ў дзіцячым аддзеле бібліятэкі імя Янкі Купалы для вучняў 2 “А” класа СШ №6 было праведзена займальнае мерапрыемства — “Падарожжа ў свет дзівосаў”.
Вялікі і разнастайны казачны свет. Яго шчодра засяляюць розныя страшныя, чароўныя, добрыя і злыя героі. Развіваючы фантазію і кемлівасць, дзеці ўяўлялі сябе на месцы казачных персанажаў. Падарожнічаючы ў свеце дзівосаў, наведалі вуліцы: Кветкавая, Зялёная, Загадкавая, Дэтэктыўная. На кожнай вуліцы маленькіх чытачоў чакалі разнастайныя перашкоды: трэба было адказаць на выкручастыя пытанні, па ўрыўку з кнігі пазнаць літаратурнага або казачнага героя, адгадаць сапраўдную назву казкі. Асаблівую цікавасць выклікала вуліца Музычная, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі павінны былі па голасу вызначыць, якому казачнаму персанажу ён належыць.
За кожны правільны адказ школьнікам уручаўся прыз — налепка.
Такія мерапрыемствы не толькі дораць радасць, але і абуджаюць цікавасць да чытання, кнігі. У нашых маленькіх гасцей ўсё яшчэ наперадзе: сустрэча з новымі казкамі, знаёмства з новымі дзіўнымі персанажамі.
У завяршэнні мерапрыемства дзеткам былі прадстаўлены цікавыя, захапляльныя кніжкі, якія ёсць у дзіцячай бібліятэцы.
Адказная: Татарчук Н. В.