Свет дзівосаў і прыгод
7 чэрвеня ў дзіцячым аддзеле бібліятэкі ім. Я. Купалы ў рамках індывідуальнай творчай праграмы “Далучыць да роднага слова” прайшла гульня-фантазія “Свет дзівосаў і прыгод”. На ёй прысутнічалі дзеці са школьнага лагера СШ №8.
Прысвечана мерапрыемства беларускім народным і аўтарскім казкам. Казкі — гэта цэлы свет, у якім можна падарожнічаць, у якім можна стаць кім хочаш, перамагчы зло і навучыцца дабрыні. У пачатку мерапрыемства прайшлі пазнавальныя хвілінкі “У свеце добрых казак”, дзе дзеці даведаліся шмат новага і карыснага з гісторыі беларускай казкі.
Затым госці адправіліся ў складанае, поўнае прыгод і нечаканасцяў падарожжа. У час якога іх чакалі цікавыя і займальныя конкурсы і гульні: “Прадоўжы назву”, “Казачная пошта”, “У казачнай карціннай галерэі” і “Раскажы казку”. Хлопчыкі і дзяўчынкі фантазіравалі, прыдумвалі казкі па апорных словах, здагадваліся, хто “адправіў” казачную тэлеграму, дапаўнялі назвы казак.
З вялікім задавальненнем вучні адказалі на пытанні віктарыны “Сцяжынкай казкі”, дзе паказалі свае веды беларускіх народных і аўтарскіх казак, праявілі кемлівасць і ўвагу. У канцы мерапрыемства дзеці пазнаёміліся з кніжнай выставай “Адкрывае казка цуды”, перагарнулі старонкі сваіх любімых кніг, прыгадалі казачных герояў.