Ты жывеш у Беларусі

17 жніўня, у дзіцячым аддзеле бібліятэкі ім. Я. Купалы была праведзена гістарычная гадзіна “Ты жывеш у Беларусі”. На мерапрыемства былі запрошаны вучні са школьнага лагера СШ №6.

Вядучая, з дапамогай электроннай прэзентацыі, пазнаёміла юных удзельнікаў з гісторыяй нашай краіны. Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся пра старажытных жыхароў Беларусі, якія мелі свае племянныя імёны – крывічы, радзімічы, дрыгавічы. Асабліва маленькіх чытачоў зацікавілі звычаі таго далёкага часу. Вось, напрыклад, існаваў такі звычай: калі хлопчык вырастаў, яго чакала нялёгкае выпрабаванне. Каб мець права называцца мужчынам, ён павінен быў пераплысці хуткую ды глыбокую раку, здабыць на паляванні тура або зубра, распаліць пад дажджом вогнішча.

Вядома, заўсёды прыемна ўсведамляць тое, што менавіта з Полацкага княства, з роду полацкіх князёў Рагвалодавічаў пачаўся наш шлях да сваёй дзяржавы. Таксама вучні даведаліся якім чынам сфарміравалася Вялікае Княства Літоўскае, а потым аб’ядналася з Польшчай у адзіную дзяржаву – Рэч Паспалітую, дзе нашыя продкі жылі болей за два стагоддзі. Потым нашы землі сталі належыць Расіі. Але ў 1917 годзе у Расіі была скінутая царская ўлада. Беларусы атрымалі магчымасць стварыць сваю дзяржаву. Пройдзе час і будзе прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь.

Дапоўніў мерапрыемства мультымедыйны кліп “Будзьма беларусамі”.

Падводзячы вынікі сустрэчы, вядучая зазначыла, што трэба цікавіцца мінулым сваёй краіны, каб захаваць славу былых пакаленняў, якія здолелі стварыць сённяшнюю Беларусь. Каб менавіта на роднай зямлі ўсе мы знаходзілі сваю шчаслівую долю, а ў чужыя краіны ездзілі толькі ў падарожжа.

Адказная: Татарчук Н. В.

Понравилась статья? Поделитесь ей с друзьями:

Добавить комментарий