Чароўны свет Уолта Дыснэя
28 снежня для дзяцей са школьнага лагера ДУА «Сярэдняя школа №8», быў праведзены мультфейерверк “Чароўны свет Уолта Дыснэя”.
Усе, і дарослыя і дзеці, ведаюць і любяць мультыплікацыйныя фільмы, але мала хто знаёмы з іх стваральнікамі. Вядучая, з дапамогай прэзентацыі, пазнаёміла дзяцей з біяграфіяй Уолта Дыснэя — амерыканскага мастака-мультыплікатара, рэжысёра, акцёра, сцэнарыста і прадзюсара, стваральніка цэлай серыі поўнаметражных мультфільмаў.
Уолт Дыснэй нарадзіўся ў горадзе Чыкага ў 1901 годзе 5 снежня. Хлопчык з дзяцінства выяўляў цікавасць да малявання, а ў бацькоў не было грошай на алоўкі і паперу. Аднойчы ён знайшоў смалу, палку і намаляваў дом …
Дзецям было цікава даведацца, што пераезд у Канзас Сіці адыграў значную ролю ў жыцці Уолта. У Канзас Сіці быў гіганцкі багаты асабняк, які хаваўся за высокай агароджай і быў акружаны пышным садам. Уолт шмат разоў спрабаваў пракрасціся на яго тэрыторыю праз які-небудзь таемны лаз, пагуляць у садзе, пабегаць па раскошных лесвіцах дома, але ўсе яго спробы заканчваліся няўдачамі. Тады ён пакляўся, што, калі вырасце, абавязкова пабудуе велізарны дом з забаўкамі для дзяцей, з велічэзным садам для гульняў. Так, зарадзілася мара, праз цэлых сорак гадоў увасобленая ў Дыснэйлэндзе.
Пасля школы Уолт закончыў чыкагскі Інстытут Мастацтваў і вырашыў ствараць мультфільмы. У гаражы ён разам з братам стварае студыю мультфільмаў. Такім чынам, 16 кастрычніка 1923 года лічыцца днём заснавання цяперашняй Walt Disney Company. Пройдзе час і на свет з’явяцца пацешны трусік па імені Освальд, знакамітае мышаня Мікі-Маўс, Дональд Дак і яшчэ больш за 200 персанажаў, якіх любяць усе дзеці свету. Мульцікі ад Дыснэю атрымлівалі па Оскару кожны год. За свае работы ён атрымаў 29 такіх прэмій.
Тэма ўсіх твораў Дыснэя — барацьба са злом. Аўтар любіў шчаслівыя фіналы, калі дабро перамагала зло.
У другой частцы мерапрыемства маленькія госці з задавальненнем праглядзелі мультфільм “Олаф и холодное приключение”, зняты на кінастудыі Walt Disney Company.
Адказная: Татарчук Н. В.