Колькі ў сонейка сяброў?
18 студзеня ў бібліятэцы-філіяле №3 імя Янкі Купалы ў рамках індывідуальнага творчага плана па папулярызацыі беларускай кнігі “Далучыць да роднага слова” прайшоў конкурс-сакрэт “Колькі ў сонейка сяброў?” (да 75-годдзя з дня нараджэння Міколы Чарняўскага). На ім прысутнічалі вучні ДУА “Сярэдняя школа №8 г. Полацка”, 3 “В” класа.
Мікола Чарняўскі – вядомы і таленавіты паэт, празаік, перакладчык. Творчы шлях яго цесна звязаны з беларускай дзіцячай літаратурай. Паэт умее гаварыць, гуляць з дзецьмі, вучыць быць назіральнымі і спагадлівымі.
Вершы, прымаўлянкі-забаўлянкі, загадкі, шарады, казкі, лічылкі, скорагаворкі адкрываюць для юных чытачоў шмат незвычайнага, сапраўды займальнага. Яны запрашаюць іх у таямнічы свет дзіцячай душы, прыроды, жывога мастацкага слова. Аўтар заўсёды застаецца верны свайму прынцыпу: кніга – гэта свята для дзяцей. Яго героі не любяць сумаваць, сябруюць з вясёлай усмешкай.
Вучні пазнаёміліся з жыццём і творчасцю Міколы Чарняўскага, а таксама з яго кнігамі: “Ці растуць грыбы ў Грыбна”, , “Каго баіцца зубр?”, “Хто пакрыўдзіў кракадзіла?”, “На каго сварыўся гром”, “Сонечны кошык” і інш. Хлопчыкі і дзяўчынкі прынялі актыўны ўдзел у гульнях і конкурсах: “Дзе схаваўся цень удзень?”, “Прымаўлянкі-забаўлянкі”, “На загадкі ёсць адгадкі?”. “Разгадай іх, дай ім рады, каб былі шарады рады” і “Дзеткі-краскі, любіце казкі?”.
Дзеці з вялікім задавальненнем чыталі вершы і прымаўлянкі-забаўлянкі, адгадвалі загадкі і шарады, пазнаёміліся з цікавымі і добрымі казкамі. Весела прайшла забава “Хвілінкі-весялінкі ад Мікіткі і Ангелінкі”. Дзеці выканалі заданні: “Дзе жывуць скорагаворкі?”, “Выбег зайчык пагуляць…” і “Села Мурка на падмурку”. У час займальнай забавы дзеці пазнаёміліся са скорагаворкамі, даведаліся, што лічылкі — ад суму лячылкі, паслухалі “Азбуку для панурых – у скорагаворках і каламбурах”.
Творы Міколы Чарняўскага пераконваюць, якая багатая, вобразная і маляўнічая наша мова, колькі розных самых неверагодных фарбаў ды адценняў можна знайсці ў ёй. Да мерапрыемства была аформлена тэматычная кніжная выстава “Ходзіць добры дзед па свеце”.
Адказная: Ляўшыцкая І. П.