Маленькія ў свеце дарослых
1 чэрвеня пачынаюцца доўгачаканыя канікулы і ў гэты ж дзень адзначаецца свята – Дзень абароны дзяцей.
У бібліятэцы імя Янкі Купалы была праведзена літаратурна-прававая гульня “Маленькія ў свеце дарослых”, прымеркаваная да гэтай падзеі. На ёй прысутнічалі вучні са школьнага лагера ДУА “Сярэдняя школа №8 г. Полацка”.
У пачатку сустрэчы дзеці паслухалі песню “Летнія канікулы” для вясёлага настрою. Затым вядучая расказала гасцям гісторыю з’яўлення Канвенцыі аб правах дзіцяці. Каб маленькія чытачы лепш запомнілі цяжкае слова “Канвенцыя”, кожны жадаючы меў магчымасць скласці яго з асобных літар.
Хлопчыкі і дзяўчынкі прынялі актыўны ўдзел у гульні-віктарыне “Права ў вершах”, гульнях “Так ці Не!”, “Правы Бураціна” і “Інтэлектуальная размінка”, музычным конкурсе “Вясёлыя ноткі”, літаратурнай віктарыне “Твае правы і казачная краіна”, разгадванні крыжаванкі “Мае правы”. У канцы свята ўсе дзеці з задавальненнем пускалі мыльныя пузыры.
Да мерапрыемства была падрыхтавана кніжная выстава “Чароўны свет дзяцінства”.