Яе Вялікасць Кніга
15 лістапада ў бібліятэцы імя Янкі Купалы, у межах індывідуальнага творчага плана “Дзе жыве яе Вялікасць Кніга”, адбылася гутарка-практыкум “Арыенціры ў бібліятэчным свеце”.
На мерапрыемстве прысутнічалі вучні 4 “В” класа ДУА “Сярэдняя школа №6 г. Полацка”.
Школьнікі пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення бібліятэчных каталогаў. Каталогі з’явіліся вельмі даўно. На Блізкім Усходзе існавала магутная дзяржава Асірыя. Пры цары Ашурбаніпале была створана багатая бібліятэка, у якой захоўваліся тысячы гліняных таблічак з пісьмёнамі. Каб палегчыць пошук патрэбнай кнігі, у бібліятэцы быў створаны каталог. Зроблены ён быў таксама з гліняных плітак. На кожнай плітцы была напісана назва твора, пакой і паліца.
Праходзілі стагоддзі. На змену рукапісным кнігам прыйшлі друкаваныя. І заўсёды побач з кнігамі знаходзіўся каталог. Вучняў уразіла тое, што менавіта па каталогах, не падыходзячы да кніжных паліц, можна завочна пазнаёміцца з усімі кніжнымі багаццямі бібліятэкі.
Вядучая пазнаёміла хлопчыкаў і дзяўчынак з алфавітным і сістэматычным каталогамі, паказала як імі карыстацца.
У другой частцы мерапрыемства дзецям было прапанавана выканаць практычныя заданні: знайсці тую ці іншую кнігу. Спачатку па прозвішчу аўтара, назве кнігі чытачы звярталіся да алфавітнага каталога. Адшукаць у ім кнігу аказалася даволі легкай справай. Галоўнае — памятаць алфавіт. Затым патрэбна было падабраць кнігі па пэўнай тэме. У гэтым выпадку хлопчыкі і дзяўчынкі звярталіся да сістэматычнага каталогу.
Таксама бібліятэкар пазнаёміла дзяцей са значэннем слова “картатэка” і патлумачыла ў якіх выпадках варта звяртацца да сістэматычнай картатэцы артыкулаў.
Вядучая згадала, што са з’яўленнем камп’ютараў у бібліятэках ёсць яшчэ і электронныя каталогі, якія складаюцца з некалькіх баз дадзеных. Гэта значыць адзін электронны каталог замяняе некалькі каталогаў і ўсе картатэкі.
Чытачы заўважылі, што кнігі ў бібліятэцы расстаўленыя ў адмысловым парадку: па пэўнай сістэме.
У канцы мерапрыемства дзеці актыўна ўдзельнічалі ў віктарыне “Пытанні з куфэрка”.
Адказная: Татарчук Н. В.