Вясёлы чалавек Аркадзь Хайт
Атрымаць пазітыўныя эмоцыі і бязмежную радасць ад сустрэчы з любімымі персанажамі мультыплікацыйных фільмаў дапамагло мерапрыемства, якое прайшло 29 снежня ў бібліятэцы імя Янкі Купалы-філіяле №3, дзе адбыўся мультфеерверк “Вясёлы чалавек Аркадзь Хайт”. На мерапрыемства былі запрошаны вучні са школьнага лагера ДУА “Сярэдняя школа №8 г. Полацка”.
З дапамогай электроннай прэзентацыі вядучая пазнаёміла дзяцей з біяграфіяй расійскага пісьменніка, сатырыка і сцэнарыста. Першапачаткова Аркадзь Іосіфавіч Хайт збіраўся стаць інжынерам-будаўніком і паступіў у Маскоўскі інжынерна-будаўнічы інстытут. Падчас вучобы ён быў пастаянным вядучым студэнцкага “капусніка”, які прагрымеў на ўсю Маскву. Пазней разам са сваім сябрам Аляксандрам Курляндскім працаваў над сцэнарам мультыплікацыйнага серыяла “Ну, погоди!”.
Паралельна пісьменнік пісаў сцэнары для кіначасопіса “Фитиль” і “Ералаш”, перадачы “Радионяня”. Але самым паспяховым з творчых прадпрыемстваў Аркадзя Хайта аказаліся сцэнары анімацыйных серыялаў — “Кот Леопольд” і “Ну, погоди!“. Удалыя фразы пісьменніка-сатырыка разляталіся па краіне, а кот Леапольд стаў нацыянальным дзіцячым героем са сваім крылатым выразам: “Ребята, давайте жить дружно!”. Больш таго, узаемаадносіны Зайца і Ваўка хвалявалі цэлыя пакаленні, “Ну, погоди!” застаецца самым папулярным з мультсерыялаў і сення.
Сярод іншых твораў аўтара былі: п’еса для дзяцей “Цуды з дастаўкай на дом”, кнігі “Шостае пачуццё”, “Пад адным дахам”, “Дробязі жыцця” і г. д.
У другой частцы мерапрыемства вядучая прапанавала школьнікам праслухаць аўдыёзапіс урыўка перадачы “Радионяня” на тэму зайздрасці. Таксама хлопчыкі і дзяўчынкі з захапленнем праглядзелі мультыплікацыйныя фільмы “Ну, погоди!” і “Кот Леопольд”. Адказная: Татарчук Н. В.