Экалогія для дапытлівых
27 лютага ў бібліятэцы імя Янкі Купалы ў межах індывідуальнага творчага плана “Экалогія для дапытлівых” быў праведзены экалагічны кнігамаршрут “Казкі, знойдзеныя ў траве”.
На мерапрыемстве прысутнічалі вучні 2 “Б” класа ДУА “Сярэдняя школа №6 г. Полацка”.
Школьнікі пазнаёміліся з біяграфіяй і творчасцю знакамітага пісьменніка Віталя Біянкі, 125-годдзе з дня нараджэння якога адзначаецца сёлета. Бацька хлопчыка займаўся арніталогіяй – вывучэннем жыцця птушак у заалагічным музеі. Сапраўдны музей быў і ў самой кватэры, дзе жыла сям’я Біянкі: шматлікія клеткі з птушкамі ад падлогі да столі, акварыум з рыбамі, тэрарыум з чарапахамі, яшчаркамі і змеямі.
Летам сям’я будучага пісьменніка з’язджала ў вёску. Тут маленькі Віталь упершыню адправіўся ў сапраўднае лясное падарожжа. З тых часоў лес стаў для яго чароўнай краінай. А сваім галоўным лясным настаўнікам Віталь Біянкі заўсёды лічыў бацьку. Менавіта ён прывучыў сына запісваць усе назіранні. Праз шмат гадоў гэтыя назіранні пераўтварыліся ў займальныя апавяданні і казкі аб прыродзе.
Вядучая пазнаёміла хлопчыкаў і дзяўчынак з кнігай, якая прынесла аўтару найбольшую папулярнасць, «Лясная газета». Цэлых 30 гадоў працаваў над ёй пісьменнік, дзесяць выданняў якой пастаянна дапаўняліся і змяняліся самім аўтарам і выйшлі пры яго жыцці.
Гэта першая кніга ў сусветнай літаратуры, у якой сабрана ўся магчымая і немагчымая інфармацыя аб жыцці жывёл і птушак — свайго роду энцыклапедыя.
Кнігі Біянкі любяць дзеці і дарослыя, таму што яны вучаць нас беражліва ставіцца да прыроды, любіць і ахоўваць ўсё жывое.
У другой частцы мерапрыемства дзеці чыталі услых казку “Лесной колобок–колючий бок», паглядзелі відэа “Хто пра што спявае”. Таксама нашы маленькія госці з задавальненнем паглядзелі мультыплікацыйны фільм “Першае паляванне”. Потым вучні адгадвалі загадкі пра звяроў і птушак і атрымоўвалі падарункі за правільныя адказы, чым былі вельмі задаволеныя.
Да мерапрыемства была падрыхтавана кніжная выстава.
Адказная: Юдыцкаяя В. В.