Ганаруся табой, Беларусь!
26 чэрвеня ў бібліятэцы імя Янкі Купалы для дзяцей са школьнага лагера ДУА “Сярэдняя школа №8” быў праведзены гістарычны ўрок “Ганаруся табой, Беларусь!”, прысвечаны Дню Незалежнасці ў межах індывідуальнага творчага плана “Абарані правы дзіцяці”.
Бібліятэкар з дапамогай мультымедыйнаай прэзентацыі “Цуды свету і Беларусі” расказала дзецям аб тым, што ў далёкай старажытнасці людзі налічвалі сем цудаў свету. Вельмі шкада, што большасць з іх не захавалася да нашых дзён. Але чалавецтва было заўсёды багатае на таленты, якія апярэджвалі свой час. У шмат якіх краінах засталіся сляды іх акрыленага натхненнем жыцця: адметныя архітэктурныя ансамблі, карціны, навуковыя і музычныя творы, паэтычныя радкі. Жылі такія творцы і ў Беларусі. Яны пакінулі пасля сябе спадчыну, якая пераканаўча сведчыць: беларусы сказалі сваё слова ў гісторыі.
Хлопчыкі і дзяўчынкі таксама даведаліся пра кнігу пісьменніка Уладзіміра Ягоўдзіка «Сем цудаў Беларусі», у якой аўтар цікава расказаў пра Белавежскую пушчу, пра Крыж — святыню Еўфрасінні Полацкай, пра «Біблію» Францыска Скарыны, Сынкавіцкую царкву, Статут Вялікага Княства Літоўскага, слуцкія паясы, Нясвіжскі палац.
Напрыканцы мерапрыемства школьнікі паглядзелі анімацыйны фільм “Будзьма беларусамі”.
Адказная: Кукштэль І. Я.