Абарані правы дзіцяці
21 лістапада ў бібліятэцы імя Янкі Купалы была праведзена гутарка-дыялог “Ты Да Я Да Мы З Табой”, прымеркаваная да Міжнароднага дня талерантнасці , для вучняў 4 В класа ДУА “Сярэдняя школа №8 г. Полацка”. Мерапрыемства прайшло ў межах індывідуальнага творчага плана “Абарані правы дзіцяці”.
Бібліятэкар з дапамогай мультымедыйнай прэзентацыі пазнаеміла дзяцей з паняццем “талерантнасць”, яго паходжаннем і значэннем. Хлопчыкі і дзяўчынкі паглядзелі мультфільм “Талерантнасць” і падчас размовы зразумелі, што быць аднолькавымі нецікава і сумна. Кожны чалавек на Зямлі – унікальны і непаўторны, галоўнае, ўмець сябраваць, быць ветлівым, уважлівым і цярпімым да чужой думкі.
Школьнікі паглядзелі відэаролік “Народы свету” і ўбачылі разнастайнасць колераў і фасонаў нацыянальных касцюмаў розных краін. З заданнем правільна назваць нацыянальнасць справіліся выдатна. Бібліятэкар правяла з дзецьмі фізкультхвілінку “Вітаю, сябар”, а затым яны даведаліся, як вітаюцца ў розных краінах. Госці пабывалі на “Загадкавым востраве”, дзе разгадвалі загадкі народаў усяго свету. У гульні “Знайдзі казачную пару” маленькія чытачы дэманстравалі сваё сяброўства з казкамі.
Напрыканцы мерапрыемства ўсе дзеці сталі ў круг, узяліся за рукі і выказвалі пажаданні для ўсіх жыхароў Зямлі. Да мерапрыемства была падрыхтавана кніжная выстава.
Адказная: Кукштэль І. Я.