Размінуліся мы ў стагоддзях
У гэтым годзе споўнілася 145 гадоў з дня нараджэння адной з лепшых пісьменніц пачатку дваццатага стагоддзя — Лідзіі Аляксееўны Чарскай. З нагоды гэтай знамянальнай даты 28 студзеня ў бібліятэцы імя Янкі Купалы — філіяле №3 адбыліся хвілінкі класікі “Размінуліся мы ў стагоддзях…”. На мерапрыемства былі запрошаны вучні ДУА “Сярэдняя школа №8 г. Полацка”, 5 “В” класа.
З дапамогай электроннай прэзентацыі вядучая пазнаёміла дзяцей з біяграфіяй Лідзіі Чарскай. Чытачы даведаліся, што з самага нараджэння пісьменніца засталася без мамы, яе выхаваннем займаліся бацька і сёстры маці, якія абагаўлялі і песцілі дзяўчынку. І вось калі Лідзе было каля васьмі гадоў, бацька ажаніўся і прывёў у дом мачыху, якая стала выхоўваць падчарку: ад дзяўчынкі патрабавалі быць стрыманай і падпарадкоўвацца правілам “добрага тону”. Усе гэтыя змены выклікаюць адчужэнне і неразуменне.
Калі Лідзе споўнілася 10 гадоў, яе прынялі на навучанне ў Паўлаўскі жаночы інстытут, дзе дзяўчына правяла сем гадоў. За гэты час адбылося шмат чаго, што фармуе, лепіць чалавечую асобу. Уражанні Чарскай ад навучання былі настолькі яркімі, што знайшлі адлюстраванне ў большасці яе будучых твораў. Вядома, праз шмат гадоў адбылося і прымірэнне з мачахай, якая з часам стала ёй блізкім чалавекам, але тэма ўзаемаадносінаў дзяцей і дарослых атрымае важнае месца ў кнігах пісьменніцы.
Школьнікі даведаліся, што першая кніга Лідзіі Чарскай “Записки институтки” была апублікавана ў 1901 годзе. І з гэтага моманту пісьменніца адразу стала ўладарніцай сэрцаў і розуму шматлікіх дзяўчынак і нават хлопчыкаў, навучэнцаў гімназій і рэальных вучылішч.
Юных чытачоў уразіла тое, што Лідзія Аляксееўна за дваццаць гадоў напісала 80 твораў. Яе кнігі былі перакладзеныя на нямецкую, англійскую, французскую, чэшскую мовы.
У другой частцы сустрэчы хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем праглядзелі буктрэйлер да кнігі “Записки маленькой гимназистки”. Таксама дзецям была прадстаўлена электронная кніжная выстава, якая пазнаёміла з творамі пісьменніцы:, “Желанный царь”, “Выпускница”, “Моя жизнь: сказка и быль”, “Большая душа” і г. д.
Адказная: Татарчук Н. В.