Гори, гори ясно
Са старажытных часоў людзі не толькі старанна працавалі на зямлі, але і святкавалі найбольш значныя для іх даты. Каб зберагчы нашы культурныя традыцыі беларусы працягваюць адзначаць многія народныя святы, сярод якіх Масленіца. Менавіта таму 25 лютага ў бібліятэцы імя Янкі Купалы – філіял №3 для вучняў 3 “А” класа ДУА “Сярэдняя школа №8 г. Полацка” прайшоў майстар-клас “Солнышко красно, гори, гори ясно!”.
У пачатку сустрэчы бібліятэкар пазнаёміла вучняў з гісторыяй свята, расказала аб яго значэнні і традыцыях. Сімволіка Масленіцы цесна звязана з вясновым адраджэннем, багатым ураджаем і дастаткам у хаце. Святкуюць яго цэлы тыдзень. Кожны дзень тыдня мае сваю назву, якая кажа пра тое, што ў гэты дзень трэба рабіць.
Дзеці даведаліся аб тым, што сонца з’яўляецца галоўным сімвалам Масленіцы. Сонейка — гэта цяпло, яго становіцца больш з прыходам вясны, яно свеціць ярчэй, на вуліцы цяплей, і таму людзі пакланяліся сонейку, як бы залагоджвалі яго. Маленькія чытачы з цікавасцю слухалі гісторыю свята, якая суправаджалася вясёлымі загадкамі.
Далей, пад кіраўніцтвам бібліятэкара, хлопчыкі і дзяўчынкі прыступілі да вырабу арыгінальнай падвескі з каляровага кардону і саломкі. Работа з прыродным матэрыялам дапамагае развіць фантазію, творчае мысленне, працавітасць і цярпенне. Напрыканцы занятка ў кожнага атрымалася вясёлае і яркае “сонейка”. Ну, і вядома ж, што за Масленіца без прысмакаў, таму кожны ўдзельнік пры развітанні атрымаў смачны пачастунак!
Адказная: Татарчук Н. В.