Анатоль Клышка

16 красавіка спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння Анатоля Клышкі, вядомага букварыста, пісьменніка, літаратуразнаўца, крытыка і перакладчыка.

Які прастор!
Якая разлегласць!
Шырыня якая!
Разгарненне якое –
У роднай мове,
У беларускай мове!

Нарадзіўся ён у 1935 г. у вёсцы Данейкі Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Вучыўся ў Навагрудскім педагагічным вучылішчы. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР.

Аўтар “Буквара” (1969), які вытрымаў 23 выданні, “Пропісаў да “Буквара” (1969, 4 выданні), “Пропісаў для 1 класа” (1973, 18 выданняў), дапаможніка для 1 класа “Верасок” (1978, 3 выданні), “Чабарок” (1989, чытанка для 4 класа школ з рускай моваю навучання).

Буквар Анатоля Клышкі ўзнагароджваўся залатым медалём Міжнароднай Лейпцыгскай выставы ў 1977 годзе, сярэбраным медалём на ВДНГ СССР, у 1999 годзе буквар атрымаў першую прэмію на конкурсе «Падручнік года».

Напісаў кніжкі для дзяцей “У лясах Белавежы” (1975), “Самая лепшая хатка” (1976), “Вярэнька загадак” (1982), “Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга” (1983), “Шыльдбюргеры. Па-нямецку пачуў, па-беларуску збаяў А. Клышка” (казкі, 1983), “Святло праз стагоддзі” (пра Францыска Скарыну, выдадзена на англійскай, нямецкай, французскай мовах, 1990).

Пераклаў на беларускую мову Новы запавет (асобныя раздзелы апублікаваны ў часопісе “Спадчына”, 1989-1990). раман старажытна-грэчаскага пісьменніка Лонга «Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою» (1991). Аўтар «Беларуска-польскага размоўніка» (1992). Перакладае з польскай, нямецкай, лацінскай, украінскай і іншых моў.

За плённую творчую працу пісьменнік узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, літаратурнай прэміяй імя Васіля Віткі (2014). Мае ганаровыя званні “Выдатнік народнай асветы БССР”, “Выдатнік асветы СССР”, Ён – заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь.

«Абавязкова чытайце ўслых штодня не менш як 15-20 мінут. Вымаўляючы словы, адчувайце да іх пашану. Яны саграваліся вуснамі прашчураў. Хай кожнае слова будзе вам як блаславенне продкаў».

Понравилась статья? Поделитесь ей с друзьями:

Добавить комментарий