Гадзіна адкрыццяў
16 верасня ў бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшла гадзіна адкрыццяў “Няма ў свеце цуда дзівосней, чым кніга” у межах індывідуальнага творчага плана “Далучыць да роднага слова”.
На ёй прысутнічалі вучні ДУА “Сярэдняя школа №8 г. Полацка”, 4 А класа.
Сем цудаў свету стварылі людзі ў даўніну. Ёсць і яшчэ адзін цуд свету, не менш цікавы. Ён знаёмы кожнаму з нас, але мы настолькі прывыклі да гэтага тварэння чалавецтва, што рэдка задумваемся над яго каштоўнасцю. А цуд гэты заўсёды ляжыць пад рукой, і як сапраўдны сябар, гатовы ў любы час прыйсці на дапамогу, навучыць, параіць, падбадзёрыць. Гэта – кніга.
У час мерапрыемства дзеці здзейснілі цікавае і займальнае падарожжа ў мінулае. Яны даведаліся, якой была кніга ў старажытнасці, што такое гліняныя пліткі, папірус, пергамен, пра вынаходніцтва паперы.
Хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з жыццёвым шляхам і асветніцкай дзейнасцю славутых людзей зямлі беларускай. Гэта Ізяслаў, Еўфрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Кірыла Тураўскі, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Сімяон Полацкі і інш. У розныя часы гістарычнага развіцця асветнікі імкнуліся зберагчы родную мову і культуру, прымножыць яе багацце, данесці веды да шырокага кола чытачоў.
Дзеці прынялі актыўны ўдзел у гульнях “Дасачыні верш”, “Азбука”, “Сакрэты слоў”, а таксама конкурсах “Наборшчыкі” і “Шыфравальшчыкі”. З вялікім задавальненнем хлопчыкі і дзяўчынкі ўстаўлялі прапушчаныя літары, дапаўнялі радкі вершаў, складалі словы і разгадвалі шыфраграмы, якія дапамаглі ім успомніць і ўзнавіць правілы карыстання кнігай. Затым дзеці адказалі на пытанні віктарыны “Невядомы Скарына”.
Цікава і весела прайшла тэматычная эрудыт-азбука “За кожнай старонкай — адкрыццё”. Добрыя веды і кемлівасць спатрэбіліся для яе ўдзельнікаў.
У канцы мерапрыемства бібліятэкар правяла агляд літаратуры “Гартайце, чытайце – свет пазнавайце”. Дзеці пазнаёміліся з беларускімі дзіцячымі кнігамі, перагарнулі іх старонкі і даведаліся шмат новага.
Адказная: Ляўшыцкая І. П.