Да 90-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча
23 лістапада ў бібліятэцы імя Янкі Купалы — філіяле №3 прайшоў урок-знаёмства “Зямля мая беларуская”.
Урок-знаёмства прайшоў ў межах індывідуальнага творчага плана па папулярызацыі беларускай кнігі “Далучыць да роднага слова”.
Найвялікшай спадчынай для нас з’яўляецца творчасць Уладзіміра Караткевіча, пісьменніка незвычайнага таленту і яркай асобы. Вобраз Караткевіча – нязгасная зорка на небасхіле беларускай літаратуры. Ён быў, ёсць, будзе. Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч — класік беларускай літаратуры, паэт, празаік, драматург, кінасцэнарыст, публіцыст, перакладчык.
У пачатку мерапрыемства бібліятэкар расказала дзецям пра жыццё і творчасць выдатнага беларускага пісьменніка, пазнаёміла з яго кнігамі: “Кацёл з каменьчыкамі”, “Вясна ўвосень”, “Лебядзіны скіт”, “Зямля пад белымі крыламі”, Белавежская пушча” і інш.
Затым дзеці адправіліся ў цікавае і займальнае падарожжа па кнізе Уладзіміра Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі”. Беларусь – край легенд, казак і паданняў. Зямля пад белымі крыламі, сінявокая Беларусь – так вельмі часта называюць нашу родную краіну. Яна славіцца сваімі лясамі, рэкамі, азёрамі, працавітымі і шчырымі людзьмі.
Госці з вялікім задавальненнем адказалі на пытанні віктарыны “Старонкі гісторыі”, разгадалі крыжаванку “Беларусь”, а таксама прынялі актыўны ўдзел у конкурсе “Кола беларускіх свят”. У час пазнавальнай хвілінкі “Па блакітных прасторах” чытачы даведаліся шмат новага пра рэкі і азёры Беларусі.
Цікава прайшлі літаратурныя гульні “Запаведныя мясціны” і “Што лішняе?” па кнізе Уладзіміра Караткевіча “Белавежская пушча”. Дзеці паспяхова выканалі заданні, праявілі веды, кемлівасць, уважлівасць, змаглі далучыцца да прыгажосці роднай прыроды.
Усім спадабаўся артыстычны конкурс “Завітала ў госці казка”. Хлопчыкі і дзяўчынкі чыталі па чарзе ўслых казку Уладзіміра Караткевіча “Жабкі і Чарапаха”. Казкі Уладзіміра Караткевіча напісаны шмат гадоў таму, але іх змест і сёння застаецца сучасным і актуальным, таму што закранутыя ў іх тэмы – вечныя. Разам з героямі казак чытачы будуць вучыцца спагадзе, дабрыні, шчырасці, сумленнасці.
Да мерапрыемства была аформлена тэматычная кніжная выстава “Быў. Ёсць. Будзе”.
Адказная: Ляўшыцкая І. П.