Далучыць да роднага слова
8 снежня ў бібліятэцы імя Янкі Купалы — філіяле № 3 прайшлі бібліятэчныя забавы “Чытайце самі, чытайце з намі!”.
Прайшлі бібліятэчныя забавы ў межах індывідуальнага творчага плана па папулярызацыі беларускай кнігі. На іх прысутнічалі вучні ДУА “Сярэдняя школа №8 г. Полацка”, 4 “Б” класа.
У час мерапрыемства хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з кнігамі дзіцячых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў-юбіляраў: Анатоля Зэкава, Рыгора Барадуліна, Генадзя Аўласенкі і Васіля Зуёнка.
Анатоль Зэкаў – таленавіты сучасны дзіцячы паэт. Яго кнігі дапамагаюць увесці чытача ў атмасферу беларускага слова, далучыць да багацця роднай мовы, адчуць яе прыгажосць.
Весела прайшла гульня-сакрэт “Лічбы і літары”. Вучні ў цікавай форме вершаў-заданняў змаглі здзейсніць падарожжа ў Краіну Ведаў, дзе на кожнай “літарнай” станцыі іх чакала шмат незвычайных адкрыццяў. Юныя матэматыкі праверылі свае веды ў адгадванні загадак-задачак “Загадкавы калейдаскоп”. Затым хлопчыкі і дзяўчынкі прынялі актыўны ўдзел у конкурсе чытальнікаў “Верш з усмешкаю сябруе”. Вучні чыталі цёплыя, лірычныя вершы пра школу, сяброў, родную прыроду, птушак і звяроў.
Знакаміты беларускі паэт Рыгор Барадулін напісаў для дзяцей цікавыя кнігі: “Азбука не забаўка”, “Выпаў грук у грома з рук”, “Сябрына”, “Ці пазяхае бегемот?” і іншыя.
Вучням вельмі спадабаліся дасціпныя і займальныя небылічкі, казкі-пераказкі, вясёлыя вершы, прыбабунькі, пацешкі з гэтых кніг. З вялікім задальненнем хлопчыкі і дзяўчынкі адгадалі “Кош загадак” ад Рыгора Барадуліна.
Сучасны беларускі пісьменнік Генадзь Аўласенка піша цікавыя дзіцячыя творы: вершы, п’есы, казкі. Яны часта друкуюцца на старонках часопісаў: “Вясёлка”, “Лесавічок”, “Качели”. У часопісе “Рюкзачок” выходзяць яго артыкулы пра далёкае мінулае нашай Радзімы, пра жывёльны свет Беларусі. А ў часопісе “Бярозка” ён вядзе пастаянную рубрыку “Азы вершаскладання”.
Бібліятэкар правяла агляд-знаёмства “Казачны свет Генадзя Аўласенкі”. Разам з героямі кніг дзеці пабывалі ў дзіўных казачных краінах і даведаліся шмат новага і карыснага.
Пазнавальныя, займальныя і павучальныя кнігі выдатнага паэта Васіля Зуёнка – гэта своеасаблівая вандроўка па Краіне Паэзіі. Яны запрашаюць і вядуць у цудоўны свет – прыроды і людзей. Кожная яго кніга – гэта падказка-перасцярога ад дрэнных учынкаў, наглядны ўрок дабрыні, спагады і справядлівасці.
Хлопчыкі і дзяўчынкі сталі актыўнымі ўдзельнікамі гульні “Карагод вясёлых прыгод” па творах Васіля Зуёнка. Сур’ёзныя і жартоўныя вершы, казкі, загадкі прынеслі дзецям радасць і добры настрой.
Да мерапрыемства была аформлена кніжная выстава “Я люблю чытаць!”. Адказная: Ляўшыцкая І. П.