Далучыць да роднага слова
22 лютага ў бібліятэцы імя Янкі Купалы — філіяле № 3 прайшла літаратурная вандроўка “Краіна мудрасці і дабра”.
Літаратурная вандроўка прайшла у межах індывідуальнага творчага плана па папулярызацыі беларускай кнігі “Далучыць да роднага слова” — да 65-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ягоўдзіка.
На ёй прысутнічалі вучні2 “А” класа ДУА “Сярэдняя школа № 8 г. Полацка”. Трывала замацавалася ў беларускай літаратуры імя дзіцячага пісьменніка Уладзіміра Ягоўдзіка.
Творчасць яго вельмі багатая і разнастайная. Ён аўтар казак для дзяцей, якія ставіліся ў тэатрах Беларусі, гучалі на радыё. Шмат твораў прысвяціў гісторыі нашай радзімы і яе знакамітым людзям. А яшчэ ён з любоўю адносіцца да ўсяго жывога і заклікае да гэтага сваіх чытачоў.
У пачатку мерапрыемства бібліятэкар расказала дзецям пра жыццё і творчасць Уладзіміра Ягоўдзіка.
Пасля гэтага хлопчыкі і дзяўчынкі сталі актыўнымі ўдзельнікамі наступных конкурсаў: “Бюро прагнозаў”, “Вострае вока”, “Чужое слова” і “Крылатыя суседзі”. Дзеці адказвалі на цікавыя пытанні аб раслінах, жывёлах, птушках і насякомых.
Затым вучні адгадалі літаратурныя загадкі “Дзівосны свет”, выканалі займальнае заданне для кемлівых “Таямніцы жывой прыроды” і склалі на кожную літару алфавіта “Прыродны азбукоўнік”.
З вялікім задавальненнем хлопчыкі і дзяўчынкі прынялі ўдзел у гульні “Нечаканае пытанне” і шоу-спаборніцтве “Год-карагод”. У час пазнавальнай хвілінкі дзеці даведаліся шмат новых звестак пра нашу краіну.
Шмат цікавага матэрыялу даведаліся вучні з кніг серыі “Скарбы Радзімы”, “Сем цудаў Беларусі”, а таксама пазнаёміліся з прыказкамі, прымаўкамі, народнымі прыкметамі і павер’ямі.
Да мерапрыемства была аформлена кніжная выстава “Вандроўкі з Ягоўдзікам”.
Адказная: Ляўшыцкая І. П.