У заварожаных казках
19 красавіка ў бібліятэцы імя Янкі Купалы — філіяле № 3 прайшоў урок-знаёмства “У заварожаных казках”.
Урок прайшоў у межах індывідуальнага творчага плана па папулярызацыі беларускай кнігі “Далучыць да роднага слова” (да 135-годдзя з дня нараджэння Змітрака Бядулі). На ім прысутнічалі вучні 2 “А” класа ДУА “Сярэдняя школа № 8 г. Полацка”.
Змітрок Бядуля – класік беларускай літаратуры, празаік, паэт. Адзін з заснавальнікаў нацыянальнай дзіцячай літаратуры. Рэдактар першага беларускага часопіса для дзяцей “Зоркі”, аўтар тэарэтычных і крытычных артыкулаў па пытаннях дзіцячай літаратуры і школьнага навучання. Для дзяцей пісаў займальна, ярка, шчодра наследуючы традыцыі беларускага дзіцячага фальклору, далучаючы дзетак да найбагацейшых скарбаў роднай мовы.
У пачатку мерапрыемства бібліятэкар Ляўшыцкая І. П. расказала дзецям пра жыццёвы і творчы шлях Змітрака Бядулі, пазнаёміла з яго кнігамі: “Сярэбраная табакерка”, “Дзень добры!”, “Салавей” і інш.
Хлопчыкі і дзяўчынкі сталі актыўнымі ўдзельнікамі гульняў: “Казкі блукаюць па свеце” і “Свяці, свяці, сонейка!”. Затым дзеці прачыталі вершы: “Вясной”, “Мае забавы”, “Гаспадарка”, “Дудачка” і “Сняжынкі”.
У час пазнавальных хвілінак “Цікава ведаць” вучні даведаліся пра паходжанне псеўданіма — Змітрок Бядуля, пра назву часопіса “Зоркі”, паслухалі першы надрукаваны твор Змітрака Бядулі “Пяюць начлежнікі”.
У канцы мерапрыемства дзеці разгадалі крыжаванку “Родная мова” і адказалі на пытанні віктарыны “Песняр роднага краю”.