Сонечны чараўнік

17 мая ў бібліятэцы імя Янкі Купалы — філіяле №3 прайшоў конкурс-сакрэт “Сонечны чараўнік”.

Конкурс-сакрэт прайшоў у межах індывідуальнага творчага плана па папулярызацыі беларускай кнігі “Далучыць да роднага слова” (да 110-годдзя з дня нараджэння Васіля Віткі). На ім прысутнічалі вучні 2 “А” класа ДУА “Сярэдняя школа № 8 г. Полацка”.

Васіль Вітка – класік беларускай дзіцячай літаратуры, адзін з выдатнейшых дзіцячых пісьменнікаў нашай краіны. Сапраўдную вядомасць ён набыў у дзіцячай літаратуры як паэт-казачнік. Амаль дваццаць гадоў Васіль Вітка аддаў выхаванню дзяцей як рэдактар часопіса “Вясёлка”. Першую вершаваную казку “Вавёрчына гора” паэт надрукаваў у далёкім 1948 годзе.

Яго казкі – надзвычай займальныя, нясуць у сабе багаты пазнавальны матэрыял. Гэта цэлы свет адкрыццяў, дзе ў фальклорную казачную аснову арганічна ўплятаецца наша сучаснасць з высокай тэхнікай, з усімі прыкметамі тагачаснага ладу жыцця.

Кожны пісьменнік марыць стварыць такога героя, якога б палюбіў чытач. У Васіля Віткі такі герой ёсць. Гэта шчыры, непасрэдны, цікаўны і дапытлівы Вася Вясёлкін. Вася Вясёлкін зараз з’яўляецца вядомым усім талісманам часопіса “Вясёлка”.

У пачатку мерапрыемства бібліятэкар расказала дзецям пра жыццё і творчасць выдатнага дзіцячага паэта-казачніка Васіля Віткі, пазнаёміла з яго цудоўнымі кнігамі: “Чытанка-маляванка”, “Урокі роднага слова”, “Дом, дзе жывуць словы” і інш.

Хлопчыкі і дзяўчынкі адправіліся ў цікавае   падарожжа па творах пісьменніка. У госці да чытачоў са сваімі займальнымі і захапляльнымі гісторыямі завіталі любімыя казачныя героі. Дзеці паспяхова адказалі на пытанні віктарыны “Чарадзейная краіна Васіля Віткі”.

Весела прайшоў конкурс “Загадкі дзеда Васіля”. Вучні праявілі кемлівасць і адгадалі ўсе загадкі. Затым дзеці сталі актыўнымі ўдзельнікамі гульні “Колеры вясёлкі”. Вучні называлі на кожны колер вясёлкі беларускія словы.

У канцы мерапрыемства дзеці з вялікім задавальненнем  разгадалі крыжаванку-рыфмаванку “Вясёлка” і выканалі заданне “Рэбусы-загадкі ад Васі Вясёлкіна”. Адказная: Ляўшыцкая І. П.

Понравилась статья? Поделитесь ей с друзьями:

Добавить комментарий