Да Дня народнага адзінства
13 верасня ў бібліятэцы імя Янкі Купалы — філіял №3 прайшоў турнір знаўцаў “Падарожжа па краіне беларусаў”.
На турніре знаўцаў прысутнічалі выхаванцы ДУА “Дзіцячы сад № 25 г. Полацка”.
У час мерапрыемства дзеці адправіліся ў цікавае і займальнае падарожжа па цудоўнай беларускай зямлі. На першым прыпынку “Мая Радзіма – Беларусь” хлопчыкі і дзяўчынкі адказалі на пытанні віктарыны “Мой родны край” і разгадалі крыжаванку “Беларускія гарады”. На другім прыпынку “Зялёны шум гаёў” дзеці з вялікім задавальненнем пагулялі ў гульню “Адгадай, якое гэта дрэва”.
Трэці прыпынак называўся “Дзівосныя дываны лугоў”. Там дзяцей чакалі вершы-загадкі “Кветкі роднай зямлі”, якія яны паспяхова адгадалі. На чацвёртым прыпынку “Па блакітных прасторах” дзеці даведаліся шмат пазнавальнага матэрыялу пра рэкі і азёры Беларусі, а таксама праявілі кемлівасць і ўважлівасць у час гульні “Вясёлая рыбалка”. Апошні пяты прыпынак – “Запаветныя мясціны”. Дзеці пазнаёміліся з Бярэзінскім біясферным запаведнікам, нацыянальнымі паркамі “Белавежская пушча”, “Прыпяцкі”, “Браслаўскія азёры”, “Нарачанскі”. Затым дзеці прынялі актыўны ўдзел у конкурсе “Па родных сцяжынках”, а таксама ў цікавай гульні “Грыбная палянка”.
У канцы мерапрыемства дзяцей чакала заданне “Гэта ты, мая Беларусь!”. Хлопчыкі і дзяўчынкі на момант сталі мастакамі і “намалявалі” малюнак пра нашу краіну – Беларусь, але не алоўкамі, а прыгожымі словамі, запісанымі на кветачках. Адказная: Ляўшыцкая І. П.