Фальклорнае свята
16 верасня ў бібліятэцы ім. Л. Талстога — філіял № 1 прайшло фальклорнае свята “Ад зярна да каравая” для вучняў 2 “Б” класа СШ № 10.
Фальклорнае свята “Ад зярна да каравая” — цыкл мерапрыемстваў “Аз і Букі беларускай культуры”.
Ці гэта звычка, ці патрэба –
Пачуўшы лепшы ў свеце пах,
Я зноў цалую бохан хлеба,
Які трымаю ў руках.
Пачалося свята з народнай гульні “Мы пшаніцу сеялі”. Потым бібліятэкар распавяла пра тое, які шлях праходзіць зярнятка, каб стаць караваем, расказала і нават прадэманстравала, як гаспадыні замешвалі цеста, на хлебнай лапаце ставілі яго ў печ.
Пакуль хлеб выпякаўся, Марына Пятроўна падзялілася з дзецьмі сакрэтамі выпякання смачнага хлеба: нельга гучна размаўляць падчас выпякання хлеба, бо ён мог трэснуць, і гатаваць лепш у добрым настроі, бо хлеб можа не падняцца ці выйсці нясмачным.
Працягнулася мерапрыемства знаёмствам з абрадам Багач: дзеці даведаліся дзе і як яго праводзяць, нават паглядзелі відэа тэатралізаванага абрада “Багач” у выкананні артыстаў Полацкага дома культуры.
Потым другакласнікі і самі паўдзельнічалі ў абрадзе, сыплючы зерне ў лубок і прамаўляючы найлепшыя пажаданні для ўсяго класа.
Скончылася свята частаваннем дарагіх гасцей – дзяцей і настаўніцы – духмяным караваем.
Мерапрыемства правадзіла бібліятэкар Неміровіч М. П.