Штурманы кніжных мораў
1 лістапада ў бібліятэцы імя Янкі Купалы — філіял № 3 прайшоў бібліякараван “Штурманы кніжных мораў”.
Бібліякараван прайшоў у межах індывідуальнага творчага плана па папулярызацыі беларускай кнігі “Далучыць да роднага слова”. На ім прысутнічалі дзеці са школьнага лагера ДУА “Сярэдняя школа № 8 г. Полацка”.
Дзеці пазнаёміліся з творамі вуснай народнай творчасці, творамі класікаў беларускай літаратуры і сучасных айчынных пісьменнікаў.
Весела прайшлі забавы і гульні: “Выбег зайчык пагуляць…”, “Карагод скорагаворак”, “Назаві па-беларуску”, “Азбука-дабаўлянка” і “Сказы-жартаўнікі”. Хлопчыкі і дзяўчынкі называлі лічылкі, прамаўлялі скорагаворкі, успаміналі беларускія словы, дабаўлялі азбуку і аднаўлялі вясёлыя сказы.
З вялікім задавальненнем дзеці прынялі ўдзел у конкурсах: “Лепшы казачнік”, “Заданні Вясёлага Алоўка”, “Калейдаскоп загадак”, “Мудрыкі”, “Дасачыні верш” і “Хвілінкі-весялінкі”. Хлопчыкі і дзяўчынкі прыгадвалі казкі, адгадвалі загадкі, складалі прыказкі і прымаўкі, дапаўнялі і чыталі вершы.
Дзеці былі зацікаўлены беларускімі дзіцячымі кнігамі, зрабілі шмат адкрыццяў, даведаліся, якая прыгожая і мілагучная родная мова. Хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі добры настрой і зарад станоўчых эмоцый.
Да мерапрыемства была аформлена кніжная выстава “Я люблю чытаць!”. Адказная: Ляўшыцкая І. П.