Турнір знаўцаў
16 лютага ў бібліятэцы імя Янкі Купалы — філіял № 3 прайшоў турнір знаўцаў “Падарожжа па краіне беларусаў”.
Турнір прайшоў у межах індывідуальнага творчага плана па папулярызацыі беларускай кнігі “Далучыць да роднага слова”. На ім прысутнічалі дзеці са школьнага лагера ДУА “Сярэдняя школа № 8 г. Полацка”.
Хлопчыкі і дзяўчынкі адправіліся ў цікавае і займальнае падарожжа па цудоўнай беларускай зямлі.
На першым прыпынку “Мая Радзіма – Беларусь” вучні адказалі на пытанні віктарыны “Мой родны край” і разгадалі крыжаванку “Беларускія гарады”.
На другім прыпынку “Зялёны шум гаёў” дзеці з вялікім задавальненнем пагулялі ў гульню “Адгадай, якое гэта дрэва”.
Трэці прыпынак называўся “Дзівосныя дываны лугоў”. Там дзяцей чакалі вершы-загадкі “Кветкі роднай зямлі”, якія яны паспяхова адгадалі.
На чацвёртым прыпынку “Па блакітных прасторах” вучні даведаліся шмат пазнавальнага матэрыялу пра рэкі і азёры Беларусі, а таксама праявілі кемлівасць і ўважлівасць у час гульні “Што лішняе?”.
Апошні пяты прыпынак – “Запаветныя мясціны”. Дзеці пазнаёміліся з Бярэзінскім біясферным запаведнікам, нацыянальнымі паркамі “Белавежская пушча”, “Прыпяцкі”, “Браслаўскія азёры”, “Нарачанскі”. Вучні прынялі актыўны ўдзел у конкурсе “Па родных сцяжынках”, дзе паказалі свае веды аб прыродзе Беларусі.
У канцы турніра знаўцаў вучняў чакала заданне “Гэта ты, мая Беларусь!”. Дзеці на момант сталі мастакамі і “намалявалі” карціну пра нашу краіну – Беларусь, але не алоўкамі, а прыгожымі словамі, запісанымі на кветачках.
Адказная: Ляўшыцкая І. П.