Крыніца натхнення
28 сакавіка для дзяцей са школьнага лагера ДУА “Сярэдняя школа № 3” была праведзена літаратурна-творчая гасцёўня “Янка Купала – крыніца натхнення”.
140 гадоў таму заззяў вясёлкай цудоўны самародак, вялікі і непаўторны талент, выразнік запаветных дум і светлых надзей – Янка Купала. Наша бібліятэка носіць імя слыннага Песняра Беларусі і каб аддаць належную даніну ўдзячнай памяці і павагі бібліятэкары падрыхтавалі цыкл мерапрыемств для сваіх чытачоў.
З дапамогай электроннай прэзентацыі вучні даведаліся аб жыццёвым і творчым шляху беларускага класіка. Шмат увагі было звернута на дзіцячыя гады паэта, на мясціны, дзе нарадзіўся і рос будучы пясняр роднага краю, таксама юныя чытачы даведаліся, чаму Іван Луцэвіч узяў сабе псеўданім — Янка Купала.
У ходзе мерапрыемства школьнікі прагдядзелі відэакліпыі і паслухалі песні, напісаныя на вершы. Цікавасць у дзяцей выклікала знаёмства з кнігамі, якія былі прадстаўлены на бібліятэчнай выставе “Завуся я толькі – Янка Купала”.
Служэнне хараству – вось сэнс жыцця беларускага Песняра. Яго паэтычная спадчына з’яўляецца невычэрпнай крыніцай, што струменіць з невымерных глыбінь народнага жыцця.
Распавядаючы пра жыццёвы шлях беларускага паэта, чытаючы вершы на беларускай мове, так і хочацца адкруціць час крыху назад.
У той пункт, дзе сяляне плятуць кошыкі з лазовых дубцоў, дзе бабуля ставіць у печ гаршчок кашы, а дзеці вырабляюць сабе з саломы цацкі. І вядучая прапанавала хлопчыкам і дзяўчынкам зрабіць саломенную цацку – птушку. Творчы працэс аказаўся вельмі цікавым: майстравалі з вялікім задавальненнем.
У завяршэнні літаратурна-творчай гасцёўні ў руках кожнага ўдзельніка была гарэзная птушачка — сімвал памяці аб нашай сустрэчы. Адказная: Татарчук Н. В.