Таямніцы на кніжнай паліцы
31 сакавіка ў бібліятэцы імя Янкі Купалы — філіял № 3 прайшла гадзіна адкрыццяў “Таямніцы на кніжнай паліцы”.
Гадзіна адкрыццяў прайшла у межах індывідуальнага творчага плана па папулярызацыі беларускай кнігі “Далучыць да роднага слова”. На ёй прысутнічалі вучні са школьнага лагера ДУА “Сярэдняя школа № 8 г. Полацка”.
Сем цудаў свету стварылі людзі ў даўніну. Ёсць і яшчэ адзін цуд свету, не менш цікавы. Ён знаёмы кожнаму з нас, але мы настолькі прывыклі да гэтага тварэння чалавецтва, што рэдка задумваемся над яго каштоўнасцю. А цуд гэты заўсёды ляжыць пад рукой, і як сапраўдны сябар, гатовы ў любы час прыйсці на дапамогу, навучыць, параіць, падбадзёрыць. Гэта – кніга.
У пачатку мерапрыемства дзеці зрабілі цікавае і займальнае падарожжа ў мінулае. Яны даведаліся, якой была кніга ў старажытнасці, што такое гліняныя пліткі, папірус, пергамен, пра вынаходніцтва паперы, а таксама пра славутых людзей зямлі беларускай.
З вялікім задальненнем вучні пазнаёміліся з творамі вуснай народнай творчасці, творамі класікаў беларускай літаратуры і сучасных айчынных пісьменнікаў. Шмат выдатных твораў пакінулі нам у спадчыну Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Максім Багдановіч і іншыя.
Сучасная беларуская літаратура для дзяцей працягвае лепшыя традыцыі класічных твораў. Шырока вядомыя такія пісьменнікі, як Алена Масла, Наталля Бучынская, Генадзь Аўласенка, Алесь Карлюкевіч і іншыя.
З добрым настроем прайшлі забавы і гульні: “Вясёлыя літары”, “Загадкавая азбука”, “Хвілінкі-весялінкі” і “Сказы-жартаўнікі”. Хлопчыкі і дзяўчынкі складалі азбуку, адгадвалі загадкі, адказвалі на разнастайныя пытанні і аднаўлялі вясёлыя сказы.
З вялікім задавальненнем дзеці прынялі ўдзел у конкурсах: “Шыфравальшчыкі”, “Назаві па-беларуску” і “Калейдаскоп вершаў”. Хлопчыкі і дзяўчынкі складалі словы і разгадвалі шыфраграмы, якія дапамаглі ім успомніць і ўзнавіць правілы карыстання кнігай, а таксама называлі прадметы на малюнках і чыталі беларускія вершы.
Дзеці былі зацікаўлены беларускімі дзіцячымі кнігамі, зрабілі шмат адкрыццяў, даведаліся, якая прыгожая і мілагучная родная мова. Хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі добры настрой і зарад станоўчых эмоцый. Да мерапрыемства была аформлена кніжная выстава “Кніга – твой сябар!”. Адказная: Ляўшыцкая І. П.