Рыфмаванка-забаўлянка

21 красавіка ў бібліятэцы імя Янкі Купалы — філіял № 3 прайшла рыфмаванка-забаўлянка “Дзе схавалася вясёлка?”.

Рыфмаванка-забаўлянка прайшла у межах індывідуальнага творчага плана па папулярызацыі беларускай кнігі “Далучыць да роднага слова” да 65-годдзя з дня выдання часопіса “Вясёлка”. На ёй прысутнічалі вучні ДУА “Сярэдняя школа № 8 г. Полацка”, 3 “А” класа.

Першы нумар “Вясёлкі” выйшаў у красавіку 1957 года. Вясёлка – гэта сонечная ўсмешка прыроды ў блакітным, чыстым пасля дажджу небе, сімвал прыгажосці на нашай зямлі.

Яркія колеры вясёлкі ззяюць і на старонках часопіса. Адсюль і назва. Вось ўжо 65 гадоў “Вясёлка” радуе дзяцей шматколернасцю, прыгажосцю афармлення, жанравай і тэматычнай разнастайнасцю, багаццем пазнавальнага матэрыялу, гумарам, гульнямі, цікавымі творчымі заданнямі.

Першым галоўным рэдактарам часопіса быў Васіль Вітка – славуты паэт-казачнік, таленавіты педагог, класік беларускай літаратуры. Разам з ім з’явіўся на старонках часопіса літаратурны герой Вася Вясёлкін. У цяперашні час часопіс узначальвае вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Ліпскі. З вялікім натхненнем і любоўю працуе ён у любімым часопісе і працягвае яго лепшыя традыцыі.

У пачатку мерапрыемства бібліятэкар пазнаёміла дзяцей з гісторыяй узнікнення часопіса, яго першым нумарам і аўтарамі. Вучні разгадалі крыжаванку “Вясёлы герой часопіса” і пазнаёміліся з Васем Вясёлкіным. Гэта смелы, вынаходлівы і вясёлы герой часопіса “Вясёлка”.

Затым хлопчыкі і дзяўчынкі адправіліся ў падарожжа па старонках часопіса “Вясёлка”. На старонцы часопіса “Паэты – дзецям пра ўсё на свеце” дзеці пазнаёміліся з беларускімі дзіцячымі пісьменнікамі і паэтамі, творы якіх надрукаваны ў “Вясёлцы”. Хлопчыкі і дзяўчынкі прачыталі вершы Уладзіміра Скарынкіна “Каго Насця любіць”, Аляксея Пысіна “Карусель”, Эдзі Агняцвет “Любка-Люба”. Затым разгадалі крыжаванку-рыфмаванку “Вясёлка”.

Вельмі спадабалася вучням старонка часопіса з загадкамі.  З вялікім задавальненнем хлопчыкі і дзяўчынкі адгадвалі загадкі Ніны Галіноўскай пра герояў дзіцячых кніг, загадкі-блытанкі Сержа Мінскевіча і  суперзагадку ад Васі Вясёлкіна “Канікулы”. Старонка часопіса “Весялінка” выклікала ў дзяцей вясёлы настрой. Вучні паслухалі дзіцячыя жарты, якія запісалі дарослыя, а таксама смяшынкі, небыліцы.

На старонцы “Цудоўны куфэрак прыроды” дзеці прынялі актыўны ўдзел у конкурсе вершаваных загадак Васіля Віткі “Загадкі дзеда Васіля” і  Міхася Пазнякова “Таямнічы куфэрак”, прачыталі вершы аб роднай прыродзе.

У часопісе вельмі многа вершаў, апавяданняў, прысвечаных нашай Радзіме, роднай мове, беларускай кнізе, роднай зямлі, роднай маці, роднай Айчыне. Дзеці прачыталі вершы Пятруся Броўкі “У Беларусі – ясныя вочы” і Эдзі Агняцвет “Зямля з блакітнымі вачыма”. У час гульні “Колеры вясёлкі” прагучала шмат прыгожых слоў аб Радзіме, з якіх хлопчыкі і дзяўчынкі складалі вясёлку. У канцы мерапрыемства вучні прачыталі свае пажаданні цікаваму дзіцячаму выданню.

Усе ўдзельнікі атрымалі “Рэбусы ад Васі Вясёлкіна”. Адказная: Ляўшыцкая І. П.

Понравилась статья? Поделитесь ей с друзьями:

Добавить комментарий