Далучыць да роднага слова
17 лістапада ў бібліятэцы імя Янкі Купалы — філіял № 3 прайшоў урок-знаёмства “Песняры роднага краю”.
Прайшоў урок-знаёмства да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. На ім прысутнічалі вучні ДУА “Сярэдняя школа № 8 г. Полацка”, 4 “А” класа.
Ёсць паэты, творчасць якіх мае сусветнае значэнне. Да такіх паэтаў належаць Янка Купала і Якуб Колас – вялікія нацыянальныя паэты Беларусі, выразнікі душ і спадзяванняў народа, яго духоўнай культуры, маральнай чысціні і высакароднасці, адданыя і шчырыя патрыёты.
Сёння мы па праву называем народных паэтаў Беларусі Янку Купалу і Якуба Коласа вялікімі Песнярамі зямлі беларускай. У іх мы вучымся любіць родную мову і сваю Бацькаўшчыну.
У час мерапрыемства пры дапамозе мультымедыйнай прэзентацыі бібліятэкар пазнаёміла дзяцей з жыццёвым і творчым шляхам знакамітых народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Хлопчыкі і дзяўчынкі паглядзелі відэафільмы: “Вязынка. Музей-сядзіба Янкі Купалы” і “Па родных мясцінах Якуба Коласа”.
Дзеці паспяхова адказалі на пытанні віктарыны ведаў “Твае песняры, Беларусь!”, разгадалі крыжаванку “Нашы песняры” і выканалі заданне “Злучы назву верша з іменем яго аўтара”.
Вучні прынялі актыўны ўдзел у літаратурных гульнях: “Складзі назвы вершаў”, “Адгадаем-парыфмуем”, а таксама ў конкурсе “Пазнай верш”. Хлопчыкі і дзяўчынкі падбіралі рыфму, пазнавалі, аднаўлялі вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Многа вершаў паэты прысвяцілі апісанню прыроды. Хлопчыкі і дзяўчынкі да кожнага малюнка з выявамі розных пор года ўзгадвалі адпаведныя ім вершы. Затым з увагай паслухалі верш Янкі Купалы “Лістапад” і разгадалі крыжаванку “Восень”.
З вялікім задавальненнем вучні ўдзельнічалі ў конкурсе чытальнікаў “Вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа – чытаем разам”.
Да мерапрыемства была аформлена кніжная выстава “І з усмешкай, і усур’ёз”.
Адказная: Ляўшыцкая І. П.