Аб чым пяе крынічка
19 студзеня ў бібліятэцы імя Янкі Купалы — філіял № 3 прайшоў урок-знаёмства “Аб чым пяе крынічка”.
Урок-знаёмства прайшоў у межах індывідуальнага творчага плана па папулярызацыі беларускай кнігі “Далучыць да роднага слова” (да 80-годдзя з дня нараджэння Міколы Чарняўскага). На ім прысутнічалі вучні 4 “А” класа ДУА “Сярэдняя школа № 8 г. Полацка”.
Мікола Чарняўскі – вядомы і таленавіты паэт, празаік, перакладчык. Творчы шлях яго цесна звязаны з беларускай дзіцячай літаратурай. Паэт умее гаварыць, гуляць з дзецьмі, вучыць быць назіральнымі і спагадлівымі.
Вершы, прымаўлянкі-забаўлянкі, загадкі, шарады, казкі, лічылкі, скорагаворкі адкрываюць для юных чытачоў шмат незвычайнага, сапраўды займальнага. Яны запрашаюць іх у таямнічы свет дзіцячай душы, прыроды, жывога мастацкага слова. Аўтар заўсёды застаецца верны свайму прынцыпу: кніга – гэта свята для дзяцей. Яго героі не любяць сумаваць, сябруюць з вясёлай усмешкай.
Вучні пазнаёміліся з жыццём і творчасцю Міколы Чарняўскага, а таксама з яго кнігамі: “Ці растуць грыбы ў Грыбна”, “Каго баіцца зубр?”, “Хто пакрыўдзіў кракадзіла?”, “На каго сварыўся гром”, “Сонечны кошык”, “Загадкавыя словы беларускай мовы”, “Жыў на свеце дзядзька Тыдзень…” і іншымі.
Весела прайшла забава “Хвілінкі-весялінкі ад Мікіткі і Ангелінкі”. Дзеці выканалі заданні: “Дзе жывуць скорагаворкі?” і “Выбег зайчык пагуляць…”. У час займальнай забавы дзеці пазнаёміліся са скорагаворкамі, даведаліся, што лічылкі – ад суму лячылкі, паслухалі “Азбуку для панурых – у скорагаворках і каламбурах”.
Хлопчыкі і дзяўчынкі прынялі актыўны ўдзел у гульнях і конкурсах: “На загадкі ёсць адгадкі?”, “Вершы-загадкі з амонімамі”, “Дзеткі-краскі, любіце казкі?” і “Вясёлы каляндар”.
З вялікім задавальненнем дзеці адгадвалі загадкі і вершы-загадкі з амонімамі, здзейснілі казачна-займальную, поўную незвычайных таямніц вандроўку па месяцах – ад студзеня да снежня, а таксама пазнаёміліся з цікавымі і добрымі казкамі.