Мой родны край
27 сакавіка ў бібліятэцы імя Янкі Купалы фiлiял № 3 прайшлі два мерапрыемствы.
Піраміда ведаў “Паглядзі, які прыгожы свет, у якім ты жывеш” і калейдаскоп забаў “Гульняслоў”. Прысутнічалі выхаванцы школьнага лагера ДУА “Сярэдняя школа № 6 г. Полацка”.
Мерапрыемствы праходзілі ў гульнёвай форме. У час цікавага і займальнага падарожжа па цудоўнай беларускай зямлі дзеці выконвалі разнастайныя цікавыя і займальныя заданні. На першым прыпынку “Мая Радзіма – Беларусь” вучні адказалі на пытанні віктарыны “Мой родны край”.
На другім прыпынку “Зялёны шум гаёў” дзеці з вялікім задавальненнем пагулялі ў гульню “Адгадай, якое гэта дрэва”. Трэці прыпынак называўся “Дзівосныя дываны лугоў”. Там дзяцей чакалі вершы-загадкі “Кветкі роднай зямлі”, якія яны паспяхова адгадалі. На чацвёртым прыпынку “Па блакітных прасторах” вучні даведаліся шмат пазнавальнага матэрыялу пра рэкі і азёры Беларусі, а таксама праявілі кемлівасць і ўважлівасць у час гульні “Што лішняе?”.
Апошні пяты прыпынак – “Запаветныя мясціны”. Дзеці пазнаёміліся з Бярэзінскім біясферным запаведнікам, нацыянальнымі паркамі “Белавежская пушча”, “Прыпяцкі”, “Браслаўскія азёры”, “Нарачанскі”.
Вучні прынялі актыўны ўдзел у конкурсе “Па родных сцяжынках”, дзе паказалі свае веды аб прыродзе Беларусі. У канцы вучняў чакала заданне “Гэта ты, мая Беларусь!”. Дзеці на момант сталі мастакамі і “намалявалі” карціну пра нашу краіну – Беларусь, але не алоўкамі, а прыгожымі словамі, запісанымі на кветачках.
У час калейдаскопа забаў “Гульняслоў” цікава прайшлі гульні ў словы: “Азбука-дабаўлянка”, “Запішы словы” і “Беларускія гарады”. Аказваецца, гуляць у словы гэтак жа цікава, як у хованкі або камп’ютарныя гульні. З вялікім задавальненнем вучні дапаўнялі азбуку, адгадвалі схаваныя словы, тлумачылі іх сэнс.
Затым дзеці прынялі актыўны ўдзел у конкурсах: “Беларуская азбука” і “Любімая старонка”. Хлопчыкі і дзяўчынкі называлі на кожную літару алфавіта беларускія словы, чыталі вершы на роднай мове. З добрым настроем прайшло шоу-спаборніцтва “Таямніцы родных слоў”. Дзеці прыгадвалі словы, размаўлялі па-беларуску і пазнаёміліся з цікавымі кнігамі.
Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся, якая багатая, вобразная і маляўнічая наша мова, колькі розных самых неверагодных фарбаў ды адценняў можна знайсці ў ёй.
Адказная: Ляўшыцкая І. П.