Чорны дзень красавіка

27 красавіка ў бібліятэцы імя Янкі Купалы — філіял № 3 быў праведзены грамадскі форум “Чорны дзень красавіка”.

Форум быў прымеркаваны да 37-годдзя з дня Чарнобыльскай катастрофы. Мерапрыемства наведалі вучні 6 “А” класа ДУА “Сярэдняя школа № 6 г. Полацка”.

Напачатку мерапрыемства вучні пазнаёміліся з гісторыяй ЧАЭС, паглядзелі тагачасныя фотаздымкі станцыі. Пасля гэтага бібліятэкар распавяла вучням пра РВМК-1000, які быў устаноўлены на Чарнобыльскай АЭС. З дапамогай схемы бібліятэкар патлумачыла школьнікам прынцып работы рэактара, расказала пра яго вартасці і недахопы, а потым паказала дзецям відэа, каб школьнікі на ўласныя вочы ўбачылі ланцуговую ядзерную рэакцыю.

Школьнікі даведаліся, што адной з прычын катастрофы сталі недахопы РВМК-1000. Для таго, каб дзеці лепей зразумелі падзеі, якія адбыліся 26 красавіка ім была прадэманстравана 3-d рэканструкцыя выбуху. Маштабы катастрофы прадэманстравалі і тагачасныя фотаздымкі.

На наступным этапе размовы вучні паспрабавалі сфармуляваць наступствы аварыі, а бібліятэкар з дапамогай мапы паказала дзецям, што ўся тэрыторыя Беларусі так ці інакш пацярпела ад выбуху. Таксама бібліятэкар расказала вучням пра памылкі савецкай улады, якія пагоршылі наступствы катастрофы.

Потым вучні праглядзелі вытрымкі з замежнай і савецкай перыёдыкі 1986 года. Дзеці ўбачылі, што савецкая ўлада не імкнулася паведаміць насельніцтву актуальную інфармацыю пра аварыю, а замежныя газеты наадварот актыўна, на першых поласах друкавалі інфармацыю пра сітуацыю на ЧАЭС. Пасля знаёмства з артыкулам, бібліятэкар распавяла вучням пра лёс кіраўніцтва АЭС.

Наступны этап размовы быў прысвечаны ліквідатарам аварыі на ЧАЭС.

Фінальная частка размовы была прысвечана беларускай зоне адчужэння. Дзеці паглядзелі фотаздымкі беларускіх населеных пунктаў, якія назаўсёды былі пакінуты людзьмі.

У канцы мерапрыемства школьнікі пераканаліся, што катастрофа на ЧАЭС аказала моцны ўплыў на развіццё чалавецтва.

Падрыхтавала і правяла: бібліятэкар Рудакова Н. М.

Понравилась статья? Поделитесь ей с друзьями:

Добавить комментарий