Як Бульбінка ў нашы мясціны завітала
21 верасня дзіцячая бібліятэка ім. Л. Талстога – фiлiял № 1 сабрала вучняў 4 “Б” класа ДУА “Сярэдняя школа № 10 ім. Ул. М. Азіна” на вячоркі “Як Бульбінка ў нашы мясціны завітала”.
Госці ў хату — беларусы
Рассцілаюць на сталах
Саматканыя абрусы,
Вараць бульбу ў саганах.
Уладзімір Скарынкін
У гэты дзень прысутныя гаварылі пра нашу любімую гародніну – бульбу. Спецыяльна да мерапрыемства вучні падрыхтавалі вуснае паведамленне “Як з’явілася бульба”.
Бібліятэкар расказала адкуль прыйшла да нас бульбачка, пазнаёміла з бульбянымі рэкордамі. Таксама бібліятэкар разам з навучэнцамі наглядна складвалі алгарытм вырошчвання бульбы. Дзеці змаглі паўдзельнічаць у розных па зместу і характару конкурсах, якія дазволілі ім не толькі пазнаёміцца з гістарычнымі звесткамі пра беларускую іншаземку, але і садзейнічалі выхаванню цікавасці і павагі да народных традыцый, развіццю творчых здольнасцяў. З вялікім задавальненнем дзеці прымалі удзел у такіх конкурсах як “Пасадзі бульбу”, “Назаві страву з бульбы”, “Любімы рацэпт”, “Гарачая бульбінка”.
Бібліятэкар распавяла і пра работы знакамітых мастакоў, на палотнах якіх намалявана бульба. Разгледзілі рабяты і помнікі бульбе ў свеце, а таксама засяродзілі увагу і на помніку, які знаходзіцца ў Беларусі. Да мерапрыемства была арганізавана кніжная выстава “Навінкі ад бульбінкі”. Вучні з радасцю выбралі для сябе неабходную літаратуру для чытання дома. Кожны вучань атрымаў шмат станоўчых эмоцый і каласальны зарад энэргіі, якога хопіць, мы спадзяемся, надоўга.