Пяты дзень абласнога марафону ”Размаўляй і натхняй“
23 лютага бібліятэкі-філіялы дзяржаўнай установы культуры ”Полацкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма“ працягваюць праводзіць мерапрыемствы ў рамках абласнога марафону ”Размаўляй і натхняй“.
У бібліятэцы імя А.І.Герцэна – філіял № 2 праходзіла літаратурная гадзіна ”Чытаем услых беларускія легенды і паданні“. У ролі чытальнікаў выступілі вучні ДУА ”Сярэдняя школа №2 г. Полацка“, якія па свайму жаданню выбіралі кнігі з кніжнай выставы і агучвалі змест цікавага падання ці легенды.
Супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі імя Я.Журбы – філіял №6 правялi акцыю ”Чытаць гэтыя кнiгi прэстыжна“ ў ДУА ”Сярэдняя школа №14 iмя М.С.Грыневiча“. Вучням падрыхтавалi выставу цiкавых кнiг і кожны выбраў верш або апавяданне, якое яму спадабалася. Удзельнікі акцыі адказвалі на пытанні і выконвалі заданні.
У Шпакоўшчынскай бібліятэцы-філіяле № 53 прайшла гульня-падарожжа ”Беларускі краявід“ з удзелам выхаванцаў дзіцячага садка ДУА ”Шпакоўшчынская базавая школа Полацкага раёна“. У ходзе мерапрыемства выхаванцы садка вучыліся вітацца на беларускай мове, пазнаёміліся з беларускімі літарамі ”і“ і ”ў“, здзейснілі займальнае падарожжа з прыпынкамі ”Гульнявая“ і ”Павучальная“, дзе адгадвалі беларускія загадкі пра дзікіх жывёл, вывучылі лічылку, пазнаёміліся з беларускім дзіцячым часопісам ”Матуліна сонейка“.
У Азінскай бібліятэцы-філіяле № 8 прайшла акцыя ”Падары беларускую кніжку“. Каб абудзіць інтарэс да чытання на беларускай мове на працягу ўсяго тыдня наведвальнікі бібліятэкі атрымлівалі ў падарунак беларускія кнігі. З 23 лютага ў Астроўшчынскай бібліятэцы-філіяле №39 пачала дзейнічаць кніжная выстава ”Навучы сябра гаварыць па-беларуску“. На выставе прадстаўлена літаратура на роднай мове ад класікаў да сучасных аўтараў.