Агляд-падарожжа «Магістр здзіўлення»
2 сакавіка ў бібліятэцы імя Янкі Купалы-філіял № 3 у межах творчай праграмы па папулярызацыі нацыянальнай культуры, мовы, літаратуры «Далучыць да роднага слова» прайшоў агляд-падарожжа «Магістр здзіўлення» (да 70-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ягоўдзіка). На ім прысутнічалі навучэнцы 3«А» класа дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа №8 г. Полацка».
Трывала замацавалася ў беларускай дзіцячай літаратуры імя Уладзіміра Ягоўдзіка. Ён вядомы як таленавіты дзіцячы пісьменнік. Творчасць яго вельмі багатая і разнастайная. Ён – аўтар казак для дзяцей, якія ставіліся ў тэатрах Беларусі, гучалі на радыё. Шмат твораў прысвяціў гісторыі нашай Радзімы і яе знакамітым людзям. А яшчэ ён – вялікі аматар і знаўца роднай прыроды. З вялікай любоўю аўтар адносіцца да ўсяго жывога і заклікае да гэтага сваіх чытачоў.
У пачатку мерапрыемства бібліятэкар расказала дзецям пра жыццё і творчасць Уладзіміра Ягоўдзіка. Шмат цікавага матэрыялу даведаліся вучні з кніг серыі «Скарбы Радзімы», а таксама пазнаёміліся з прыказкамі, прымаўкамі, народнымі прыкметамі, павер’ямі і адгадалі загадкі.
Хлопчыкі і дзяўчынкі сталі актыўнымі ўдзельнікамі конкурсаў: «Бюро прагнозаў», «Вострае вока», «Чужое слова» і «Крылатыя суседзі». Дзеці ўспомнілі прыкметы аб надвор’і, адказалі на цікавыя пытанні аб раслінах, жывёлах, птушках і насякомых.
Затым вучні адгадалі літаратурныя загадкі «Дзівосны свет», выканалі займальнае заданне для кемлівых «Таямніцы жывой прыроды» і склалі на кожную літару алфавіта «Прыродны азбукоўнік». У час пазнавальнай хвілінкі «Сем цудаў Беларусі» дзеці даведаліся шмат новых звестак пра нашу краіну. З вялікім задавальненнем хлопчыкі і дзяўчынкі прынялі ўдзел у гульні «Нечаканае пытанне» і шоу-спаборніцтве «Год-карагод».
Да мерапрыемства была аформлена тэматычная кніжная выстава «Вандроўкі з Ягоўдзікам».












