Гульнёвае асарці «У Сусвеце добрых кніг»
23 сакавіка ў бібліятэцы імя Янкі Купалы-філіял №3 у межах творчай праграмы па папулярызацыі нацыянальнай культуры, мовы, літаратуры «Далучыць да роднага слова» прайшло гульнёвае асарці «У Сусвеце добрых кніг» (да 95-годдзя з дня нараджэння Паўла Місько). На ім прысутнічалі выхаванцы школьнага лагера дзяржаўнай установы адукацыі«Базавая школа №3 г. Полацка».
Павел Андрэевіч Місько – беларускі пісьменнік, празаік, паэт, публіцыст, перакладчык. У яго творах шмат займальных сюжэтаў, цікавых і вясёлых прыгод, з майстэрствам выкарыстаны элементы казкі. Кнігі Паўла Місько вучаць спагадзе, сяброўству, справядлівасці, узаемадапамозе, дапамагаюць пазнаць свет дабрыні і прыгажосці.
У пачатку мерапрыемства бібліятэкар расказала вучням пра жыццёвы і творчы шлях пісьменніка, правяла агляд кніжнай выставы «Неверагодныя прыгоды з Паўлам Місько».
Дзеці сталі актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемства. З вялікім задавальненнем пагулялі ў гульню «Героі любімых кніг» па творах Паўла Місько, а затым паслухалі яго вершы.
Весела і цікава прайшоў конкурс «Хто хутчэй?» па казках Паўла Місько: «Старамодны заяц», «Сарока і Дзяцел». У час яго дзеці праявілі фантазію, кемлівасць і ўважлівасць.
Хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з выставай «Хатні ўлюбёнец», даведаліся шмат новага пра розныя пароды сабак, а таксама прынялі актыўны ўдзел у віктарыне «Нашы верныя сябры».
У канцы мерапрыемства дзеці абмеркавалі пытанні па аповесці Паўла Місько «Прыгоды Бульбобаў».












