Бібліятэчныя парады «Чароўнае пяро: казкі і вершы ад беларускіх пісьменніц»

27 красавіка ў бібліятэцы імя Янкі Купалы-філіял №3 прайшлі бібліятэчныя парады «Чароўнае пяро: казкі і вершы ад беларускіх пісьменніц». На іх прысутнічалі навучэнцы 3«А» класа дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа №8 г. Полацка».

У час мерапрыемства дзеці адправіліся ў цікавае і займальнае падарожжа па старонках новых, яркіх, прыгожых, пазнавальных беларускіх кніг, змешчаных на кніжнай выставе «Колеры шчаслівага дзяцінства».

Хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з фантастычна-прыгодніцкімі кнігамі беларускай пісьменніцы Раісы Баравіковай, цікавымі кнігамі Кацярыны Хадасевіч-Лісавой Затым дзеці адказалі на пытанні фантастычнай віктарыны «Сусвет прыгод і дабрыні».

З дапамогай  кніг пісьменніцы-казачніцы Алены Масла дзеці патрапілі ў чароўны свет розных казачных прыгод і здарэнняў. Вельмі ўважліва хлопчыкі і дзяўчынкі паслухалі аўдыёказку Алены Масла «Цудадзейныя лекі».

Шмат цікавага і незвычайнага даведаліся дзеці з кніг Наталлі Бучынскай: «Прыгоды маленькай Машынкі», «Прынцэса Алівія і «жабіны вочкі» і інш. З увагай і цікавасцю хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся  з павучальнымі кнігамі  пісьменніцы Ганны Скаржынскай-Савіцкай, якія спрыяюць выхаванню дабрыні, кемлівасці, узаемадапамозе, сяброўству, сціпласці, праўдзівасці, добразычлівасці, шчырасці.

Весела прайшлі гульні па кнізе Таццяны Мушынскай «Вожыкі ў футбол гуляюць»: «Дастань яблык», «Гульня ў рыфмы» і «Хлопчыкі-вітамінчыкі».

З вялікім задавальненнем дзеці ўдзельнічалі ў конкурсе загадак «Рыфмуем і разгадваем» па кнізе беларускай паэтэсы Святланы Быкавай «Пойдзем Сонейка вітаць!».

У час хвілінак чытання «Паэтычная сцяжынка» хлопчыкі і дзяўчынкі чыталі  вершы на роднай мове з кнігі дзіцячай пісьменніцы і паэтэсы Таццяны Чэкед «Вясёлы аўтобус».

На працягу мерапрыемства дзеці змаглі не толькі пазнаёміцца з новымі беларускімі выданнямі, але і далучыцца да прыгажосці роднай мовы праз любімыя творы айчынных аўтараў, якія сваім літаратурным талентам узбагачаюць нашу культурную спадчыну.

Понравилась статья? Поделитесь ей с друзьями:

Добавить комментарий