Калейдаскоп забаў «Кніжная ўсмешка лета»
12 чэрвеня ў бібліятэцы імя Янкі Купалы-філіял №3 у межах творчай праграмы па папулярызацыі нацыянальнай культуры, мовы, літаратуры «Далучыць да роднага слова» прайшоў калейдаскоп забаў «Кніжная ўсмешка лета». На ім прысутнічалі выхаванцы школьнага лагера дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа №8 г. Полацка».
Цудоўныя, захапляльныя летнія канікулы – любімая пара адпачынку ўсіх дзяцей. Кожны чакае новых вясёлых падарожжаў і прыгод, незвычайных сустрэч і цікавых размоў. Але не трэба забывацца пра цудоўную сяброўку і памочніцу – кнігу. Кніга падчас летняга адпачынку падорыць чытачам новыя адкрыцці і знаёмствы з вершамі, казкамі, апавяданнямі.
У пачатку мерапрыемства бібліятэкар правяла агляд кніжнай выставы «Летнія сустрэчы з кнігай» і прапанавала дзецям кнігі на роднай мове для летняга чытання.
Весела і цікава прайшла займальная і пазнавальная забава «Літаратурная рыбалка». Хлопчыкі і дзяўчынкі з вялікім задавальненнем «лавілі» рыбку, на адваротным баку якой была запісана пэўная кніга, і выконвалі разнастайныя заданні.
Дзеці прынялі актыўны ўдзел у гульні «Мой зорны час чытача». Хлопчыкі і дзяўчынкі мелі магчымасць пазнаёміць сваіх равеснікаў з цікавай кнігай, якую яны прачыталі. Дзеці рэкамендавалі сваю любімую кнігу для астатніх вучняў класа для чытання летам.
У час хвілінкі-адпачынку «Мазаіка рэжыму дня» хлопчыкі і дзяўчынкі разважалі пра свой летні рэжым дня і любімыя заняткі.
У канцы мерапрыемства дзеці зрабілі сяброўскі крок у «Краіну летняга чытання». Хлопчыкі і дзяўчынкі, узяўшыся за рукі, разам зрабілі сімвалічны першы крок у прыгоды лета, сярод якіх павінны быць і захапляльныя хвіліны чытання.










