Усе мы разам ляцім да зорак

12 мая ў дзіцячым аддзеле бібліятэкі ім. Я. Купалы ў рамках індывідуальнай творчай праграмы “Далучыць да роднага слова” прайшоў карагод казак “Усе мы разам ляцім да зорак” (да 70-годдзя з дня нараджэння Раісы Баравіковай). На ім прысутнічалі вучні С/Ш №8, 4 “Г” класа.

Дзеці адправіліся ў цікавае і займальнае  падарожжа па знакамітай  кніжцы пісьменніцы “Казкі астранаўта”. Яна напісана ад імя астранаўта-беларуса. Дзівосны, прывабны і таемны свет далёкіх планет адкрываецца чытачу і захоплівае не толькі неверагоднымі прыгодамі герояў кнігі, але і цікавымі звесткамі пра асобныя зоркі і нават цэлыя сузор’і. Пісьменніца ўдала спалучае поўны нечаканасцей свет чужых планет з блізкім і родным светам нашай планеты, дзе самыя прыгожыя і добрыя пачуцці звернуты да Беларусі.

Гэтую кнігу склалі казачныя аповесці і невялікія казкі. Ва ўсе падарожжы да далёкіх планет героі выпраўляюцца з беларускай зямлі, з касмадрома за Раўбічамі, што пад Мінскам.

Таго, хто ўпершыню прачытае кнігу Раісы Баравіковай “Казкі астранаўта”, чакае ашаламляльнае адкрыццё: у фантастычных казках адсутнічае зло і канфлікт увогуле! Космас у Раісы Андрэеўны – гэта сусветны парадак, сусветнае цэлае, бо ў ім пануюць гармонія і прыгажосць.

У час мерапрыемства вучні прынялі актыўны ўдзел у гульнях: “Па касмічных прасторах” і “Лён-Лянок”. Весела прайшла фізкультхвілінка “У казачным космасе”. Шмат карыснай інфармацыі дзеці даведаліся ў час пазнавальных хвілінак “Касмічнае і зямное ў раслінным свеце Беларусі”.

З вялікім задавальненнем вучні адгадалі вершы-загадкі “Кветкі  — сонцавы дзеткі” і адказалі на пытанні фантастычнай віктарыны “Сусвет прыгод і дабрыні”. Да мерапрыемства была аформлена кніжная выстава “Фантастычны свет казак Баравіковай”.

Адказная: Ляўшыцкая І. П.

Понравилась статья? Поделитесь ей с друзьями:

Добавить комментарий